Новы кіраўнік БПЦ Веніямін заклікаў да пакаяння ў здзейсненых грахах



Епіскап Веніямін 26 жніўня выступіў са сваім першым зваротам у якасці новага мітрапаліта Менскага і Заслаўскага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Зварот апублікаваны на партале Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ).

Праваслаўны іерарх адзначыў, што яго першы зварот на чале БПЦ «не ўрачысты і ўзнёслы», паколькі ён «ідзе ад болю сэрца за родны народ і нашу зямлю, ад любові да ўсіх вас». Ён падкрэсліў, што беларусам трэба «вярнуць мір на нашу зямлю і ў свае сэрцы».

«Усе мы, праваслаўныя людзі, ведаючы сілу агульнай малітвы і ўсведамляючы, што, акрамя знешняга супрацьстаяння, здзяйсняецца духоўная барацьба за Айчыну нашу і ў сэрцы кожнага з нас, закліканы ўзмацніць сваю малітву, са стараннасцю і адвагай, верай, надзеяй і любоўю да Бога і бліжніх, – адзначыў епіскап Веніямін. – Гэта яднанне ў агульнай малітве і любові па веры і законе Хрыстовым заўсёды было неад’емным правілам на Белай Русі ў пераадоленні розных бед, жалоб, хвароб і смут».

Новапрызначаны кіраўнік БПЦ заклікаў усіх хрысціян «няўхільна выконваць» Успенскі пост (завяршаецца 27 жніўня) і «прадоўжыць яго на працягу трох дзён». «У посце ўзмоцнім малітву грамадскую і асабістую за Беларусь. У храмах і на прыхрамавых тэрыторыях абʼяднаемся для сумеснай малітвы, запалім свяцільні гарачай малітвы па ўсёй Беларусі, у кожным доме», – адзначыў ён.

Таксама патрыяршы экзарх заклікаў да пакаяння ў здзейсненых грахах, «без чаго не можа быць вяртання міру». Царква, дадаў ён, заклікае кожнага «ўсвядоміць свае грахі, споўніцца імкнення да іх прабачэння, звярнуцца да таінства споведзі і, самае галоўнае, прынесці годны плён пакаяння – загладзіць зроблены грэх і яго негатыўныя наступствы».

«Перамена розумаў, перамена сэрцаў ад зла да дабра, ад хлусні да праўды, ад падзелу да яднання, ад асуджэння да разумення – вось якія перамены патрэбныя нашаму грамадству ў першую чаргу», – перакананы праваслаўны іерарх.

«Апошнія журботныя падзеі ў нашай Айчыне адбыліся ад таго, што сэрцы нашы схіліліся ў нядобры бок, ад таго, што святло Хрыстова не змагло заззяць у гэты цёмны час, калі выявіўся грэх беззаконня. Веру, што калі мы натхнёна, са стараннасцю і аднадушна выканаем наш намер правесці гэтыя тры дні ў посце, малітве і пакаянні, то хутка ўбачым водгук Неба і зразумеем, што нам, жыхарам Беларусі, трэба зрабіць, каб зло перамагчы дабром і не дапусціць у далейшым зла», – падкрэсліў епіскап Веніямін.

Паводле слоў кіраўніка БПЦ, «жаданне зрабіць сваё жыццё лепшым цалкам заканамернае і натуральнае для чалавека», аднак калі пры гэтым «не заклікаецца дапамога звыш, а прыкладаюцца толькі чалавечыя намаганні», то вынік будзе такім жа, «як у будаўнікоў Вавілонскай вежы».

«Пачнем свой шлях на карысць Айчыны ў свята старадаўняй святыні Беларусі і ўсяго праваслаўнага свету – Менскай іконы Божай Маці (26 жніўня. – БелаПАН.), выява якой на гербе нашай сталіцы, як запавет папярэдніх пакаленняў: Маці Божую шанаваць, шукаць у яе дапамогі і заступлення», – заклікаў патрыяршы экзарх.

На пасяджэнні Святога сінода Рускай праваслаўнай царквы 25 жніўня ў Маскве мітрапаліт Павел быў вызвалены ад пасады патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі і прызначаны кіраўніком Кубанскай мітраполіі – мітрапалітам Екацярынадарскім і Кубанскім.

Мітрапалітам Менскім і Заслаўскім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі прызначаны епіскап Барысаўскі і Марʼінагорскі Веніямін, які стаў першым беларусам на чале Беларускага экзархата. За ім часова захаванае кіраванне Барысаўскай епархіяй.

БелаПАН

Фота: church.by