Новы Кодэкс аб культуры забараніў прыходзіць на дыскатэку п’янымі



Беларускія дзяржаўныя мужы шчыльна заняліся культурай. Як паведамляе БелТА, наша краіна стане першай на постсавецкай прасторы, якая падрыхтавала праект Кодэкса аб культуры на 200 старонак. Асобным пунктам у дакуменце прапішуць дыскатэкі.

Паводле слоў першага намесніка міністра культуры Беларусі Ірыны Дрыгі, на ўзроўні Кодэкса плануецца ўвесці забарону на наведванне дыскатэк грамадзянамі падшафэ. Пэўная навіна ў заканадаўстве будзе тычыцца устаноў, дзе сумяшчаюцца паслугі грамадскага харчавання і культурная праграма.

«Напрыклад, рэстаран па вызначэнні аказвае паслугі грамадскага харчавання з продажам алкагольных напояў і прадстаўленнем пэўнай культурнай праграмы. Натуральна, калі нейкая арганізацыя аказвае адначасова паслугі грамадскага харчавання і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў, мы прадумалі і абавязкова адкарэктуем гэтае пытанне да другога чытання праекта Кодэкса аб культуры ў Палаце прадстаўнікоў», – заўважыла Ірына Дрыга.

«Калі ж казаць пра дыскатэкі як чыста культурныя мерапрыемствы, у нас і раней на іх не дапускаліся людзі ў стане алкагольнага ап’янення, – заявіла намеснік міністра. – Гэтая норма будзе дзейнічаць у далейшым, што будзе спрыяць падтрыманню парадку ў такіх месцах. А там, дзе трэба ўсталяваць нейкія разумныя патрабаванні, каб спалучаць два напрамкі дзейнасці рэстарана, на заканадаўчым узроўні будуць прадугледжаны адпаведныя агаворкі».