Новы метад ціску на берасцейскіх актывістаў



На берасцейскіх грамадскіх актывістаў Андрэя і Паліну Шарэнда супрацоўнікі спецорганаў вынайшлі новы метад ціску – праз 6-гадовага сына. Ім нечакана патэлефанавала псіхолаг з 25-ай школы і жанчына з аддзела адукацыі і сказалі, што ім патрэбна паглядзець умовы пражывання іх сына. Але Андрэй і Паліна ў катэгарычнай форме ім адмовілі, кажа Паліна:

– Яна запыталася, чаму гэта намі КДБ цікавіцца. Прызналася, што гэта КДБ, што далі загад праверыць нас. Мы ж не алкаголікі, на ўліку не стаім. Я адразу сказала, што гэта звязана з палітыкай, што іх прыход мы будзем расцэньваць як ціск, а ўсю інфармацыю будзем пераказваць СМІ.

Паводле Паліны Шарэнда-Панасюк, нядаўна рабілі спробу выклікаць іх у пракуратуру  па “пытанні прад’яўлення зыска пра спагнанне шкоды юрыдычнай асобе”. Яе муж за апошнія паўгода тройчы быў затрыманы: двойчы праваахоўнымі органамі і адзін раз на беларускай мяжы, дзе ў яго былі канфіскаваны 7 сцягоў Еўразвязу.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота euroradio.fm