Набор беларускіх студэнтаў для навучання ў Польшчы
Новы набор беларускіх студэнтаў на навучанне ў Польшчы арганізуе навукова-культурніцкае аб’яднанне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Доўжыцца ён да 31 -га сакавіка. Навучанне ў Польшчы будзе праводзіцца з кастрычніка 2016 года па люты 2017-га.
Гэтае аб’яднанне працуе з беларускімі студэнтамі ўжо трэці год. Арганізатары абяцаюць добрую стыпендыю і права выбару вышэйшай навучальнай установы ў Польшчы па сваім кірунку. Чым могуць дапамагчы такія выезды за мяжу беларускаму студэнту, кажа прадстаўніца аб’яднання „GFPS -Польшча” Марыя Колб:
– Мы даём студэнту больш магчымасцяў развівацца самастойна, а менавіта – развіваць свой праект. Трэба толькі напісаць добры матывацыйны ліст, скласці добры праект, які ты хочаш рэалізаваць падчас семестру ў Польшчы, а таксама пацвердзіць валоданне польскай мовай.
Сайт навукова-культурніцкага аб’яднання ў Цэнтральнай ды Усходняй Еўропе аб’явіў, што будзе і беларуская версія для беларускіх карыстальнікаў. Перакладзена ўжо значная частка сайта на беларускую мову. На думку аб’яднання, беларускія партнёры мусяць быць правадзейнымі сябрамі аб’яднання GFPS, але пакуль у Беларусі яны дзейнічаюць як грамадская ініцыятыва.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vk.com
