Новы палігон для смецця парушае праект аэрадрому Балбасава?



У Аршанскім раёне прайшлі грамадскія слуханні па праекце будаўніцтва палігона па працы з цвёрдымі камунальнымі адкідамі. У жыхароў гэтага рэгіёну паўстала нямала пытанняў адносна экалагічнай бяспекі палігона.

 

Праект будаўніцтва ўступае і ў канфлікт з балбасаўскім аэрадромам класу Б, аднаўленне якога санкцыянавана ўрадам, кажа грамадскі актывіст з Барані Віктар Міхасёў:

– Ёсць пытанні па таму, што палігон размешчаны каля аэрадрому „Балбасава”. Па прамой можа 2-3 кіламетры ўзлётная паласа. Такія аб’екты, як палігоны захоўвання адкідаў, яны павінны абавязкова праходзіць узгадненні з адпаведнымі структурамі Камітэта дзяржавіяцыі і г. д. Ёсць нарматыўныя акты, паводле якіх такія палігоны ў прыаэрадромнай зоне на адлегласці бліжэй за 15 кіламетраў забаронена будаваць.

Паводле плану, палігон будзе працаваць са смеццем з Аршанскага, Дубровенскага і Талачынскага раёнаў і будзе перапрацоўваць 60 тысяч тон адкідаў у год. Да 28-га чэрвеня ідзе прыём прапаноў па будаўніцтве.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Блог „Серый Кот”