Новы суд чакае журналістку «Новага часу» Дзіяну Серадзюк



Пратакол перапісалі, хоць раней у судзе пад прысягай міліцыянеры казалі: яны не хлусяць. Новы суд чакае журналістку «Новага часу» Дзіяну Серадзюк.

Супраць яе складзены новы адміністрацыйны пратакол, паводле якога яна ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі ў Менску 20 снежня — толькі ўжо з 21 да 21:30. Першае паседжанне адбылося 10 студзеня ў судзе Першамайскага раёна. Паводле пратаколу, у перыяд з 18 да 18:40 Дзіяна Серадзюк брала актыўны ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі на Кастрычніцкай плошчы. Гэта ў судзе пацвердзіў сведка-АМАПавец Віталь Івашкоў. Ён засведчыў, што асабіста ў гэты час бачыў Дзіяну каля ёлкі на Кастрычніцкай плошчы ў кампаніі іншых удзельнікаў. Але высветлілася, што ў журналісткі на гэты час алібі, у выніку суддзя адправіў пратакол на дапрацоўку, а міліцыя прыдумала новы час.

Кажа Дзіяна Серадзюк:

– Агульная абсурднасць адна для ўсіх у тым, што людзей прыцягваюць да адказнасці за тое, што яны выходзілі на абарону незалежнасці сваёй краіны. Абсурднасць датычна мяне заключалася, прынамсі на першым пасяджэнні, у тым, што мяне абвінавачвалі ва ўдзеле акцыі, на якой мяне не было. У пратаколе быў пазначаны час, у якім я была зусім у іншым месцы. Цяпер, праўда, пратакол дапрацавалі, пазначылі там іншы час. Цяпер яны кажуць, што ў мінулы раз яны проста памыліліся, а зараз яны дакладна ўпэўненыя, што мяне бачылі.

Падчас суда 10 студзеня міліцыянер Віталь Івашкоў распісаўся аб адказнасці за дачу заведама ілжывых паказанняў. Новы судовы працэс супраць журналісткі газеты „Новы Час” пройдзе ў судзе Першамайскага раёна Менска ў панядзелак, 27 студзеня, у 11:00.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя