Новы тэракт у Еўропе
Чарговы тэрарыстычны напад адбыўся ў Парыжы: 40-гадовы ўраджэнец Алжыра напаў з малатком на паліцэйскіх. Адзін з вартавых парадку атрымаў лёгкае раненне, нападнік шпіталізаваны.
Першыя паведамленні пра напад невядомага з малатком на паліцэйскіх каля знакамітага сабора Парыжскай Божай Маці з’явіліся каля 16:30 па мясцовым часе.
Па паведамленні паліцэйскіх, невядомы выкрыкваў „гэта вам за Сірыю!” і называў сябе „салдатам халіфата” групоўкі „Ісламская дзяржава”.
Праваахоўнікі адкрылі агонь па мужчыну. Ён атрымаў кулявыя раненні і быў шпіталізаваны ў вельмі цяжкім стане. Адзін з паліцэйскіх атрымаў лёгкія раненні.
Пры гэтым каля 900 турыстаў былі ў мэтах бяспекі заблакаваныя ўнутры сабора, паведаміў тэлеканал BFMTV. Ім давялося правесці пад замком больш за дзве гадзіны. На шчасце, ніхто з іх не пацярпеў.
