Новым міністрам інфармацыі стаў Аляксандр Карлюкевіч (абноўлена)



Лілія Ананіч знятая з пасады міністэрства інфармацыі, яе месца зойме Аляксандр Карлюкевіч. Такое рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка, які адзначыў, што «права на памылку» ў новага міністра няма. Ён таксама адзначыў, што вопыт і веды папярэдняга кіраўніка ведамства Ліліі Ананіч будуць запатрабаваныя ў іншай сферы.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адзначае, што дагэтуль супраца з Міністэрствам інфармацыі была няпростай.

Можна сказаць, што яна ўвасабляла Міністэрства інфармацыі, бо яна працавала ледзь не з першых дзён стварэння дзяржаўнага органа, які кіруе інфармацыйнай прасторай. Пры гэтым мела невялікі досвед менавіта журналісцкай працы. Чым вышэй яна падымалася па службовай лесвіцы да пасады міністра, тым цяжэй было працаваць з Міністэрствам інфармацыі. Зараз з’яўляецца шанец, што, можа, сітуацыя крыху зменіцца. У мяне няма вялікага спадзеву на гэта, але шанец ёсць, трэба паспрабаваць яго выкарыстаць.

«Але ад канкрэтнага чыноўніка на пасадзе мала сёння што залежыць, а палітыка ў дачыненні да СМІ залежыць ад многіх ведамстваў,» – дадае Андрэй Бастунец, які збіраецца сустрэцца з новым міністрам інфармацыі, каб выкласці бачанне Беларускай асацыяцыі журналістаў актуальных праблем у стасунках дзяржавы і СМІ.

* * * 

28 верасня кіраўнік Беларусі прызначыў міністрам інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, які да гэтага моманту працаваў намеснікам міністра інфармацыі.

Карлюкевіч вядомы тым, што піша мастацкія творы па-беларуску і раней працаваў на розных пасадах у рэдакцыях такіх газет, як «Культура», «Звязда», «Чырвоная змена», «Народная газета», «Савецкая Беларусь». Таксама ён узначальваў ўстанову «Літаратура і мастацтва».

Раней пасаду міністра інфармацыі займала Лілія Ананіч – яна была прызначаная на гэтую пасаду летам 2014 года, піша kp.by.

Беларускае Радыё Рацыя