Новым прэс-сакратаром МУС прызначаная Наталля Сахарчук
На пасаду начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызначаная падпалкоўнік міліцыі Наталля Сахарчук, паведамляе тэлеграм-канал ведамства.
„Да гэтага больш за два гады яна кіравала аддзяленнем інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Берасцейскага аблвыканкама”, — гаворыцца ў паведамленні.
Працаваць у праваахоўных органах Сахарчук пачала ў 2003 годзе на пасадзе следчага УСК па Берасцейскай вобласці. „Затым працяглы час праслужыла на розных пасадах у абласной ДАІ, у тым ліку амаль 10 гадоў узначальвала аддзяленне агітацыі і прапаганды”, — зазначаецца ў паведамленні.
Папярэдні прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў пачатку кастрычніка пакінула гэтую пасаду. Цяпер яна начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Мінгарвыканкама.