Новыя адкрыцці археолагаў на Замкавай гары ў Гародні
На Замкавай гары працягваюць працаваць археолагі. З вонкавага боку сцяны яны паглыбіліся ўжо больш чым на два метры і раскрылі контрфорс, які ўмацоўваў яе, магчыма, на мяжы XIV – XV стагоддзяў.
– Мяркуючы па закладцы каменя, гэты будынак можа адносіцца да часоў Вітаўта, – кажа «Гродзенскай праўдзе» супрацоўнік аддзела археалогіі Аляксандр Гаршкоў.
Яшчэ адной цікавай знаходкай для археолагаў стаў выразна прамаляваныя у напластаваннях зямлі вал старажытнарускага гарадзішча часоў XII – XIII стагоддзяў. Частка яго раней адкрывалася падчас даследаванняў з другога боку сцяны, але межы, што адкрыліся зноў, значна шырэйшыя.
Для археолагаў гэта ўнікальнае адкрыццё, паколькі папярэднікі сённяшніх даследчыкаў не пакінулі дэталёвых прамалёвак абарончага вала.
Па своеасаблівым зрэзе землянога малюнка становіцца ясна, як ішоў абарончы вал, як з цягам часу мянялася яго канфігурацыя.
– На жаль, сказаць адназначна, калі ён быў узведзены, складана, але ў гэтых пластах сустракалася кераміка сярэдзіны XII – XIII стагоддзяў, – працягвае Аляксандр Гаршкоў. – Паколькі гэта вал, знаходкі тут адзінкавыя і даюць мінімум інфармацыі.
Сустракаліся элементы розных перыядаў. Акрамя ўжо згаданай керамікі, гэта шкло і посуд часоў Расейскай імперыі, а таксама посуд з пазначэннямі міжваеннага часу. Цікавай знаходкай стаў фрагмент зброі з крэменю.
Паводле grodnonews.by