Новыя ідэі для Беларусі



На гэтую тэму дыскутавалі ў крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” у Менску. Тут вырашылі акумуляваць меркаванні маладых лідараў і выпрацаваць новыя ідэі ўмацавання беларускага грамадства.

На думку кіраўніка ініцыятывы „Кінаконг” Андрэя Кіма, Беларусь апошнія дваццаць гадоў — гэта краіна, завязаная на персаналіях. Актывіст мае сваю прапанову для ўсіх беларусаў:

– Калі ласка, выйдзіце са сваёй кватэры, прыбярыце пад’езд і павесце беларускую шыльду: “Калі ласка, не трэба тут смеціць!” І паверце, менавіта гэтая ідэя зробіць больш, чым палова таго, што зараз рэалізуецца ў Беларусі на сур’ёзным узроўні за сур’ёзныя грошы.

Намеснік галоўнага рэдактара тыднёвіка „Наша ніва” Зміцер Панкавец мяркуе, што журналістам дзеля ажыццяўлення сваіх ідэй не хапае рэсурсаў:

– Тое, што было б цікавым і новым для Беларусі, на мой погляд, гэта стварэнне Лайф-інтэрнет ТБ. Фактычна таго, што зараз было ва Украіне з Грамадскім ТБ. Здаецца, так, было такое Грамадскае ТБ, ніхто пра яго асабліва не ведаў, ніякага ўплыву яно не мела, але ў знакавыя падзеі ўсе людзі пачалі масава глядзець гэтае Лайф-ТБ.

„Амаль усе незалежныя рэдакцыі вельмі сціплыя ў сваіх фінансавых магчымасцях і людскіх рэсурсах, — кажа Зміцер Панкавец. — І гэта найперш тое, што стрымлівае развіццё незалежнай журналістыкі. Дзяржаўныя СМІ маюць больш рэсурсаў, але не маюць свабоды творчасці, таму гэта іх таксама стрымлівае”.

Беларускае Радыё Рацыя паводле БелаПАН