Новыя крокі штабу байкоту „Поедем, поедим”



Шэраг новых крокаў распрацаваў штаб байкоту рэстарану „Поедем, поедим”. Гэтая забаўляльная ўстанова, нягледзячы на пратэсты грамадства, пачала працу каля мемарыялу ахварам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.

Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, на пасяджэнні штабу, якое адбылося каля рэстарана, быў абноўлены графік дзяжурстваў. Гэта прыйшлося зрабіць пасля адмовы ад штодзённай варты Партыі БНФ:

– Мы зацвердзілі групу, якая вартуе каля рэстарана „Поедем, поедим” у чацвер, чацвер зараз закрыты, Курапацкая варта там ёсць. Акрамя гэтага мы прызначылі на першыя дні верасня прэсавую канферэнцыю па байкоце, дзе мы агучым поўны спіс асобаў і кампаніяў, якія супрацоўнічаюць з „Поедем, поедим”. Зараз мы кожны дзень будзем выкладваць па адным файле байкоту – асабістыя файлы альбо файлы кампаній. Таксама мы пачылі падрыхтоўку да масавай акцыі ў першай дэкадзе верасня.

Таксама вырашана дапамагчы тым удзельнікам абароны, якія за ўдзел у ёй былі аштрафаваныя судом на вялікія сумы і апынуліся ў цяжкім становішчы, сказаў Павел Севярынец. Гэта стала магчыма таму, што збор сродкаў на курапацкую варту даў пэўныя вынікі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск