Новыя нормы ўвозу тавараў могуць перапыніць чаўночны бізнес



Новыя нормы ўвозу тавараў у Беларусь, якія увёў з 10-га сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт, могуць перапыніць чаўночны бізнес. Для аўтамабілістаў уведзеныя нормы не даюць магчымасці нават сябе забяспечыць новымі якаснымі шынамі на сезон. Расказвае Мікола, ўладальнік двух аўтамабіляў з Гародні:

– Ужо ніхто не павязе, як у нас кажуць, “на перакідку” гуму. Усе захочуць абуць свае машыны. Дробны гандаль гумай прыкрыецца. Нават для сябе прыйдзецца ехаць на лысых колах у Польшчу. Дарэчы, бліжэйшая крама знаходзіцца ў 300 метрах ад пагранперахода. Кола запісваецца толька па тэхпашпарце і на карыстальніка. Я маю дзве машыны, але ўвезці магу гуму толькі на адну машыну.

Як ўважае Мікола, аўтамабілісты дзеля выгады змогуць толькі ехаць на паўжываных шынах у Польшчу, там набываць новыя, выкідваючы старыя. Але якасць новых зробіць больш выгаднай закупку, нават, калі і згубіцца VAT.

Што да сантэхнікі ды побытавых прыбораў, то перавозіць іх дазволена цяпер раз на тры гады. За перавышэнне ліміта беларускія грамадзяне мусяць плаціць мытныя зборы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня