Новыя падрабязнасці пра затрыманні ў Полацку і Наваполацку
Пра затрыманні, якія прайшлі ў канцы мінулага тыдня ў Полацку і Наваполацку па справе незалежнага прафсаюза «Нафтана». Частку людзей пасля адпусцілі.
Больш дэталяў «Нашай Ніве» распавёў былы нафтанавец, актывіст «Рабочага руху» Аляксандр Сакалоў. Паводле яго звестак, затрыманні праводзіліся на «Нафтане», «Паліміры» і нават у ведамаснай паліклініцы — у ліку затрыманых ёсць і медыцынскія сёстры, і лекары: «Кагосьці затрымлівалі дома, і тады адразу рабілі ператрус. Кагосьці хапалі на працы або пасля змены, і таксама везлі дахаты».

Сакалоў лічыць, што прычына масавых затрыманняў і допытаў наступная: 12 снежня ў лідаркі ліквідаванага ўладамі незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгі Брыцікавай сканчаецца тэрмін утрымання пад вартай. Жанчыну вінавацяць у закліках да эканамічных санкцый супраць Беларусі, але ў следства бракуе доказаў. Цяпер іх «вытрасаюць» з тых, хто меў дачыненне да дзейнасці незалежнага прафсаюза. Цяпер Брыцікаву трымаюць у віцебскім СІЗА. Некаторым затрыманым пагражаюць, што «закрыюць» таксама».
