Новыя папраўкі ў закон аб СМІ вядуць да ўзмацнення дзяржкантролю ў медыясферы



Новыя папраўкі ў закон аб СМІ вядуць да ўзмацнення дзяржаўнага кантролю ў медыясферы, заявіў БелаПАН старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пасля азнаямлення з прапанаванымі зменамі.

Паводле яго слоў, БАЖ атрымала ад пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы. „Прапанаваныя змены — гэта 19-старонкавы дакумент — тычацца найперш закона аб СМІ, а таксама Падатковага кодэкса, але толькі тэрміналагічна, і артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях„, — сказаў Бастунец.

Законапраект дазваляе добраахвотную рэгістрацыю інтэрнет-рэсурсаў у якасці СМІ і ўводзіць для іх тэрмін „сеткавыя выданні”. Такія рэсурсы і іх супрацоўнікі атрымаюць правы і абавязкі традыцыйных СМІ. Астатнія сайты таксама змогуць працаваць, але без атрымання статусу СМІ.

Рэгістрацыя ў якасці СМІ не з’яўляецца абавязковай, але ў папраўках сказана, што тыя, хто не зарэгістраваны ў якасці СМІ, усё роўна трапляюць пад дзеянне закона аб СМІ, — заўважыў Бастунец. — Гэта значыць, што яны ўсё роўна павінны будуць выконваць абавязкі, прапісаныя ў законе, могуць зведаць санкцыі, у тым ліку блакаванне, але пры гэтым не будуць мець магчымасць карыстацца правамі СМІ”.

Кіраўнік БАЖ падкрэсліў, што рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў у якасці сродкаў масавай інфармацыі будзе праходзіць у агульным для традыцыйных СМІ парадку і з тымі ж патрабаваннямі: галоўны рэдактар павінен мець пяцігадовы стаж працы на пасадах кіраўнікоў у медыя, рэдакцыяй можа быць толькі юрыдычная асоба, рэдакцыя павінна быць размешчаная ў нежылым памяшканні.

Паводле слоў Бастунца, у выпадку непраходжання рэгістрацыі ў якасці СМІ інтэрнэт-рэсурсы не змогуць звяртацца ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі па акрэдытацыю сваіх супрацоўнікаў, не змогуць карыстацца правамі журналіста пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці па асвятленні масавых акцый або абароне крыніцы інфармацыі.

Бастунец адзначыў, што папраўкі захоўваюць магчымасць абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў у пазасудовым парадку (рашэннем Мінінфарма). „З’яўляецца магчымасць аднаўлення доступу да інтэрнэт-рэсурсу, але гэта, зноў жа, ажыццяўляецца праз зварот у Мінінфарм, — сказаў ён. — Гэта значыць, блакаванне сайта і яго разблакаванне робяцца на падставе рашэння Мінінфарма ў пазасудовым парадку”.

Старшыня БАЖ падкрэсліў, што для сеткавых выданняў блакаванне можа пацягнуць за сабой яшчэ і ануляванне пасведчання аб рэгістрацыі сеткавага выдання, але таксама без рашэння суда.

Папраўкі прадугледжваюць абавязковую мадэрацыю форумаў, а таксама ідэнтыфікацыю каментатараў. „Не дапускаецца ананімнае каментаванне, але парадак гэтай ідэнтыфікацыі будзе яшчэ распрацаваны Саветам міністраў у далейшым, — сказаў Бастунец. — Ідэнтыфікацыя карыстальнікаў будзе ўскладзеная на ўсе інтэрнэт-рэсурсы. Законапраект, на маю думку, прадугледжвае і магчымасць блакавання сацыяльных сетак, калі няма магчымасці заблакаваць іх складовыя часткі„.

Папраўкі таксама прадугледжваюць увядзенне ў праграмы беларускіх тэлеканалаў абавязковых 30% перадач, створаных нацыянальным вытворцам.

Што да змен у артыкул 22.9 КоАП, Бастунец адзначыў, што, у прыватнасці, распаўсюджванне СМІ інфармацыі, якая забароненая ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, можа пацягнуць накладанне штрафу на юрыдычную асобу (рэдакцыю) да 500 базавых велічынь, на ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці СМІ, — да 50 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — да 200.

Паводле слоў кіраўніка асацыяцыі, Мінінфарм і пастаянная камісія прапанавалі БАЖ да 9 красавіка накіраваць ім заўвагі па прапанаваных папраўках. Бастунец падкрэсліў, што пры распрацоўцы гэтага дакумента былі ўлічаныя некаторыя папярэднія прапановы БАЖ. „Але яны тычацца толькі тэрміналогіі, — сказаў ён. — Па сутнасці ж у зменах ні адна нашая прапанова не была ўлічаная. Ідзе далейшае абмежаванне дзейнасці СМІ. У асноўным усё накіраванае на ўзмацненне дзяржаўнага кантролю ў медыясферы„.  БелаПАН