Новыя правілы сталічнага жыцця ў час пандэміі
За апошнія содні ў Менску смерцяў ад інфекцыі COVID-19 не зарэгістравана. Затое шэрагам сталічных дзяржаўных установаў былі зроблены заявы, якія будуць фармаваць далейшую хаду падзей у горадзе.
Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:
Міністэрства аховы здароўя прыняла рашэнне больш не шпіталіазаваць кантактаў 1-га ўзроўню хворых каронавіруснай інфекцыяй, а пакідаць іх у хатняй самаізаляцыі. Пры гэтым пік эпідэміі COVID -19 у Беларусі прагназуецца напрыканцы красавіка – пачатку траўня.
Камітэт па біяэтыцы Рэспублікі Беларусь выступіў з заявай па сітуацыі з каронавірусам. Прынамсі ў сацсетках і СМІ нельга паведамляць асабістыя дадзеныя пацыентаў, якія знаходзяцца ў медустановах або пад наглядам лекараў. Тое ж самае тычыцца дадзеных іх сваякоў, асабліва калі не пацверджаны дыягназ, альбо чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане, альбо сканаў.
Менчукі абмяркоўваюць аматарскае відэа, дзе зафіксавана, як студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта давалі драпака праз вокны 6-га інтэрната, закрытага на каранцін.
Бізнэс і ініцыятывы ў сталіцы на фоне каронавірусу набываюць нечаканыя формы. Лікёра-гарэлачныя заводы Менску і Беларусі гатовы выпускаць да 23 тонаў антысэптыка, які апошнім часам стаў дэфіцытам. Букмекерскі холдынг, які працуе ў краінах СНД, абвясціў аб запуску першага легальнага анлайн-казіно ў Беларусі. У Менску на 25 красавіка таксама запланаваны фестываль сэксуальнай адукацыі.
Беларускае Радыё Рацыя