У нядзелю ў Менску і рэгіёнах прайшлі лакальныя акцыі пратэсту (абноўлена)



У нядзелю ў Менску і рэгіёнах прайшлі лакальныя акцыі пратэсту. Акцыі былі найбольш масавымі ў сталіцы, дзе яны пачаліся ад самай раніцы 10 студзеня ў розных раёнах горада з выкарыстаннем нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі. Агулам у Менску прайшло больш за дзясятак лакальных акцый.

Маршы, пікеты і флэшмобы прайшлі таксама ў Берасці, Віцебску, Гародні, Магілёве, Маладзечне, Наваградку і іншых мясцовасцях. У Фаніпалі адбылася танцавальная акцыя, у Валожынскім раёне на заснежаным полі невядомыя намалявалі вялікі нацыянальны сцяг і надпіс “Жыве!”.

Праваабаронцам вядомыя прозвішчы 19-ці чалавек, затрыманых у нядзелю ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Пратэставыя акцыі ў мікрараёнах Менску пачаліся 10 студзеня з самай раніцы.

Як паведамляюць тэлеграм-каналы, прыхільнікі перамен выйшлі на лакальныя маршы з бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі з сімволікай сваіх мікрараёнаў у Серабранцы, Зялёным Лузе, у раёне вуліц Захарава і Пуліхава, у пасёлку Хацежына і вёсцы Копішча Менскага раёна.

Інтэрнэт-карыстальнікі паведамляюць пра аўтазакі, прыпаркаваныя ля 4-й гарадской бальніцы (вул. К.Лібкнехта), а таксама на скрыжаванні праспектаў Любімава і Газеты „Звязда”.

Сілавікі актывізаваліся пасля таго, як 4 студзеня генпракурор Андрэй Швед заявіў пра неабходнасць спынення дваровых акцый, якія, паводле яго слоў, „ажыццяўляюцца за грошы замежных спонсараў”.

7 студзеня занепакоенасць дваровай актыўнасцю выказаў Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання мінскага храма Узвіжання Крыжа Гасподняга. Ён назваў удзельнікаў маршаў пратэсту „невялікі купкай”. „Дрэнна, калі яны ходзяць па вуліцы, яшчэ горш, калі яны ідуць у двары, будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашы кватэры. Мы не павінны гэта дапусціць”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі валанцёрскага тэлеграм-канала „Спісы затрыманых”, за апошнія два дні, 8 і 9 студзеня, былі затрыманыя 13 чалавек. Траіх пасля адпусцілі. Аднаго паспелі асудзіць (9 студзеня, у суботу, суды працавалі). Затрыманыя знаходзяцца ў ізалятарах у 1-м завулку Акрэсціна (Менск), а таксама ў Жодзіне, Баранавічах і Магілёве.

Дваровыя пратэсты супраць гвалту і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў праходзяць з сярэдзіны лістапада.

belapan.by