Нядзельныя акцыі пратэсту: затрымана больш за 150 чалавек



Пяты раз запар нядзельныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да іншадумцаў прайшлі ў дэцэнтралізаваным фармаце.

Першая дэманстрацыя ў рамках абвешчанага ў сацсетках Маршу народнага трыбунала адбылася яшчэ да світання ў менскім мікрараёне Сухарава. Акцыі працягнуліся днём і з надыходам цемнаты. Ацаніць колькасць удзельнікаў не ўяўляецца магчымым.

ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла пра затрыманне каля 100 чалавек. Паводле звестак праваабаронцаў на раніцу 21 снежня, у цэлым па краіне затрыманы 151 чалавек (у Менску, Берасці, Віцебску, Гародні, Барысаве, Мазыры, Наваполацку, Салігорску, Бараўлянах, Радашковічах, Ратамцы, Смілавічах).

Сярод затрыманых гарадзенскія карэспандэнты БелаПАН Марына Харэвіч і штотыднёвіка „Наша слова” Алёна Кавальчук (вызваленыя), сустаршыня страйкама „Беларуськалія” Анатоль Бокун (адпушчаныя пасля складання пратакола), фатограф і дызайнер Ягор Шумскі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры сацыяльных камунікацый Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Якубаў, грамадзянін Расеі Іван Магдыч.

Валанцёрскі телеграм-канал „Спісы затрыманых” прыводзіць 146 прозвішчаў. У мінулую нядзелю затрымана прыкладна ўдвая менш грамадзян, чым тыдзень таму.

20 снежня стала 134-м днём пратэстаў.

belapan.by