Някляеў: Мараторый на Дэкрэт №3 – гэта перамога грамадства
„Мараторый на выкананне Дэкрэта №3 — гэта перамога грамадства, якое пратэставала супраць спробы ўладаў залезці ў кішэні беларусаў”, – так рашэнне пра прыпыненне спагнання падатку на «дармаедства» да канца года пракаментаваў адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэса Уладзімір Някляеў. Пры гэтым ён адзначыў, што мараторый – гэта крок, скіраваны на тое, каб збіць хвалю пратэстаў, якія прайшлі ва ўсіх буйных гарадах Беларусі, бо галоўныя патрабаванні, якія гучалі на акцыях пратэсту, так і не выкананы.
– Нягледзячы на тое, з якой мэтай гэта робіцца, перадусім я віншую з перамогай усіх тых, хто выказаў сваю актыўную грамадзянскую актыўнасць, пратэставаў супраць Дэкрэта №3, патрабаваў ягонай адмены. Вось выявілася воля і сіла грамадства – і з гэтым улада нічога не здолела зрабіць. Тое, што яна выдумала часовую адмену рабавання паводле гэтага дэкрэта, – хітрасць, шытая белымі ніткамі. Дэкрэт падпісаў кіраўнік дзяржавы Лукашэнка, а гэта значыць, што ён не можа быць няправільным, таму сам дэкрэт не адмяняецца. А вось ужо паборамі займаліся чыноўнікі, якія маглі і дзейнічалі няправільна, непадрыхтавана. Таму і рассылаюць дырэктыву чынавенству: пакуль не рабіць пабораў. А скіравана ўсё гэта на адно – збіць пратэсную хвалю, якая рэальна стала небяспечнай для існавання сённяшняга палітычнага рэжыму.
19 лютага ў Менску, а пасля і ў іншых гарадах Беларусі прайшлі масавыя акцыі з патрабаваннем адмяніць сам Дэкрэт №3. У Менску на мітынгу была прынята адпаведная пастанова і было дадзена даручэнне кіраўнікам Беларускага нацыянальнага кангрэса, у прыватнасці, Статкевічу і мне, дабівацца ад ўлады выканання гэтай пастановы. Апроч таго, гучалі і іншыя патрабаванні людзей, напрыклад, свабодныя і дэмакратычныя выбары ў Рэспубліцы Беларусь, якія далі б магчымасць правесці эканамічныя і палітычныя рэформы. Ніякіх патрабаванняў ўлада не выканала. Таму мы ўсё адно будзем заклікаць актыўных грамадзян да таго, каб змусіць рэжым, уладу зрабіць тое, што ад яе патрабуе народ, які яе за свае грошы ўтрымлівае.
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра ўнясенне цягам месяца зменаў у Дэкрэт №3 і мараторый на яго выкананне да канца года. Сам дэкрэт кіраўнік краіны назваў «не эканамічным, а ідэалагічным і маральным, які мае на мэце змусіць працаваць тых, хто павінен і можа».
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя