Някляеву адмаўляюцца выклікаць хуткую дапамогу



Экс-кандыдату ў прэзідэнты, апазіцыйнаму палітыку, паэту Уладзіміру Някляеву, які адбывае пяцісуткавы арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна, адмаўляюць у выкліку хуткай дапамогі.

Як паведаміла БелаПАН жонка палітыка Вольга Някляева, сёння ёй патэлефанаваў мужчына, які распавёў, што адбываў пакаранне разам з Уладзімірам Някляевым і выйшаў на волю. Паводле яго слоў, у Някляева падвышаны артэрыяльны ціск, раніцай яму даюць таблетку для паніжэння ціску, але стан здароўя палітыка ўсё роўна застаецца нездавальняючым. На просьбы выклікаць хуткую дапамогу Някляеву адмаўляюць.

Паводле зьвестак БелаПАН, заўтра, 9 траўня, Уладзіміра Някляева плануе наведаць яго адвакат.

Палітык быў затрыманы 6 траўня прыкладна ў 10.30 каля свайго дома ў Менску супрацоўнікамі АМАП і дастаўлены на Акрэсціна. Жонцы Някляева паведамілі, што па рашэнні суду ён павінен адбыць пяцісуткавы адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаваным «Маршы недармаедаў» 17 лютага ў Менску.