„Няма чым дыхаць – спявай гімн”
Ужо амаль два гады за кратамі знаходзіцца група былых гомельскіх мытнікаў, якіх абвінавацілі ў атрыманні хабару. Версія следчых заключаецца ў тым, што мытнікі нібыта прапускалі грузы праз беларуска-расейскую мяжу без дакументаў. Агулам па справе праходзіць 18 чалавек: супрацоўнікі аддзела па змаганні з кантрабандай, аператыўна-вышуковага аддзела і некалькі прадпрымальнікаў.
Жонкі затрыманых супрацоўнікаў мытні (прасілі не называць іхнія імёны) звяртаюць увагу на тое, што ў матэрыялах абвінавачання многа няяснасцей:
– Іх вінавацяць агулам у рознага роду хабарах, атрыманых арганізаванай групай. Але, што цікава, ва ўсіх розныя моманты. Прыблізна так гучыць пазіцыя абвінавачання: „У няпэўным месцы, у невядомы час, неўсталяваная група асобаў, неўсталяваныя машыны, але дакладна вядомая сума хабару…”.
Гомельскую справу мытнікаў часам параўноўваюць з іншым гучным судовым працэсам, так званай „справай ашмянскай мытні”. Сваякі гомельскіх мытнікаў заўважаюць, што сапраўды ёсць прыкметы агульнай драматургіі, хоць ёсць і нюансы.
„На Ашмянскай мытні праходзіць канкрэтная мяжа, праз якую везлі канкрэтныя грузы за вызначаныя грошы. У нас жа дзеянне разгортваецца на фактычна няіснай дзяржаўнай мяжы Беларусі і Расеі. Толькі тады, калі Расея ўвяла санкцыі на імпарт еўрапейскай прадукцыі, нашыя хлопцы пачалі маніторыць грузы. Правяраць іх да гэтага яны нават не мелі права”, – гавораць сваякі мытнікаў.
Падчас судовых пасяджэнняў мытнікі заяўляюць, што паказанні супраць сябе і калег яны давалі пад фізічным уздзеяннем і ў атмасферы ціску.
„Тых, хто пісаў яўкі з павіннай, у прынцыпе, іх асабліва не чапалі, яны ехалі ў Менск на сядзеннях і без кайданкоў. А тыя, хто не пісаў яўкі з павіннай, ехалі проста ў нечалавечых умовах. Майму мужу завярнулі дублёнку на галаву, ён ляжаў на падлозе, пад калені падставілі ногі для запаволення крывазвароту. У яго практычна адняліся ногі падчас дарогі, некалькі разоў амаль страчваў прытомнасць. Муж казаў следчым КДБ, што яму няма чым дыхаць, але яму ў адказ параілі спяваць гімн”, – узгадвае адна з жонак затрыманых мытнікаў.
Амаль два гады сваіх бацькоў і родных не бачаць іх сем’і. У найбольш складанай сітуацыі апынуліся сем’і з малымі дзецьмі, якім цяжка патлумачыць адсутнасць татаў.
„Я толькі нядаўна распавяла сваёй старэйшай дачцэ (ёй 9 гадоў споўнілася) пра тое, што тата ў Гомелі. Раней увесь час казала, што ён з’ехаў у камандзіроўку дапамагаць дзядям са старой працы. З’ехаў на 1 дзень, а прапаў на два гады…”, – гаворыць адна з кабет.
Сваякі затрыманых не губляюць надзеі на тое, што іх родныя ўсё-такі будуць вызваленыя ў залі суда:
– Калі іх не вызваляць, то грош цана нашаму правасуддзю. Ёсць хлопцы, якія прызнаюць віну. Хай яны, калі насамрэч бралі хабар, адказваюць за свае ўчынкі. Мы ж не супраць. А калі некаторыя не бралі грошай і не прызнаюць сваёй віны, значыць іх проста абгаварылі.
Пару тыдняў таму 57 жыхароў Гомеля накіравалі 6-ы па ліку калектыўны ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім прасілі кіраўніка дзяржавы звярнуць увагу на шматлікія працэсуальныя парушэнні, фізічнае ўздзеянне на фігурантаў справы падчас допытаў. Акрамя гэтага, ініцыятары звароту заклікалі вызваліць сваякоў пад падпіску аб нявыездзе. Як кажуць аўтары ліста, на свой крык аб дапамозе яны атрымалі чарговы фармальны адказ, які не змяніў лёс затрыманых.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель