Няма керасіну – няма прапаганды



Напрыканцы лістапада 1945 года народны камісар унутраных спраў СССР Лаўрэнцій Берыя падрыхтаваў Сталіну справаздачу “аб ходзе барацьбы з нацыяналістычным падполлем на тэрыторыі Украіны, Беларусі і Прыбалтыйскіх рэспублік”. Зразумела, што нас цікавіць тагачасная Савецкая Беларусь, таму інфармацыю пра іншыя краіны пакінем па-за ўвагай.

Лістапад 1945 года – гэта ўжо амаль паўтары гады, як Чырвоная Армія заняла нашыя землі і бальшавікі займаліся аднаўленнем сваіх партыйна-савецкіх інстытуцый. Нават з афіцыйных дакладаў, якія верагодна не напоўную адлюстроўвалі рэальнасць, бачна, наколькі моцнай была антысавецкая партызанка.

Берыя паведамляў Сталіну, што з ліпеня 1944 года па лістапад 1945 года чэкістамі ў БССР забіта 3320 “бандытаў”, затрыманыя і арыштаваныя 97 607 чалавек, у тым ліку “бандытаў” – 6641, прыхільнікаў – 1086, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый – 737, нямецкіх стаўленікаў, памагатых і іншага антысавецкага элемента – 6151, дэзерціраў і ўхілістаў ад службы ў Чырвонай Арміі – 82 992 асобы.

Толькі ў кастрычніку 1945 года ў ходзе спецаперацый забіта 12 “бандытаў”, затрыманыя і арыштаваныя – 194 чалавекі, у тым ліку: “бандытаў” – 85, прыхільнікаў – 22, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый – 54, дэзерціраў і ўхілістаў – 21. Канфіскавана: кулямётаў – 6, аўтаматаў – 14, вінтовак – 371, рэвальвераў – 18, гранатаў – 56, мін – 40, патронаў – 4981, ракетніц – 1.

Самай праблемнай тэрыторыяй для бальшавікоў было Палессе. Надзвычай неспрыяльнымі для ўсталявання савецкай улады і партыйных арганізацый называліся раёны Лагішынскі, Ганцавіцкі, Столінскі і Давід-Гарадоцкі ў Пінскай вобласці, а таксама Дзівінскі, Маларыцкі, Кобрынскі, Антопальскі, Бярозаўскі раёны Берасцейскай вобласці. З восені 1944 года па восень 1945 года сюды тройчы, на дапамогу ў барацьбе з антысавецкім рухам, дасылалі дадатковыя групы чэкістаў і вайскоўцаў.

У тым жа лістападзе 1945 года, вышэйшаму кіраўніцтву, сакратар Столінскага райкама Кампартыі Георгій Навіцкі падрыхтаваў наступную інфармацыю:

(…) Трэба адзначыць сітуацыю ў раёне, якая не дае магчымасці нармальна працаваць сярод насельніцтва… У ноч з 13 на 14 лістапада г.г. на тэрыторыі Глінкаўскага сельскага савета ў в. Глінка з’явілася ўзброеная група бульбаўцаў прыкладна да 30 чалавек … атачыўшы дом старшыні сельскага савета тав. Пархімовіча, выламалі акно, сталі лезці ў кватэру для таго, каб узяць яго жыўцом, але Пархімовіч, маючы пры сабе вінтоўку, пачаў адстрэльвацца, аднаго з іх забіў і двух цяжка параніў, пасля чаго нападнікі падпалілі хату і самі сышлі…Тав. Пархімовіч у гэты час выскачыў у акно і ад іх схаваўся. Акрамя таго, бульбаўцы забралі ўсе дакументы з сельскага савета. У тую ж ноч гэтая група была на тэрыторыі Рухчаўскага сельскага савета ў в. Цмень. Шукалі старшыню, але не знайшлі, расклеілі свае ўлёткі і сышлі…

Трэба адзначыць і такія факты, што насельніцтва раёна не мае магчымасці нармальна забяспечвацца таварамі першай неабходнасці: соль, керасін, мыла, запалкі і г.д. Адсутнасць керасіну не дае магчымасці праводзіць агітацыйна-масавую працу па вывучэнні сітуацыі аб выбарах у Вярхоўны Савет СССР, акрамя таго, маюцца сярод асобнай часткі насельніцтва нездаровыя настроі.

Нядаўнія матэрыялы па антысавецкаму руху на Палессі: Паляванне чэкістаў на палескага „Ваўка”, Адмовіліся падпісаць падзяку Сталіну і не толькі…, Пралетарскай прапагандай па антысаветчыках!, Красавік 1945 года: „Мы ідэйныя барацьбіты з саветамі”, Падполле вядзе паляванне на партыйна-савецкі актыў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя