„Нястомнае сэрца” Алеся Бяляцкага
Фільм пра праваабаронцу Алеся Бяляцкага з дакументальнага цыкла “Нястомнае сэрца” (A Heart That Never Dies) нарвежскіх дакументалістаў Эрлінга Боргена і Тома Хэйнэмана выкладзены ў інтэрнэт, піша „Вясна„.
Цыкл складаецца з шасці фільмаў. “Гэтая гісторыя пра шасцёх чалавек – кожны з нястомным сэрцам”, – кажуць рэжысёры пра сваю працу. Іх героі – журналісты, юрысты, палітычныя актывісты, праваабаронцы з Сербіі, Гватэмалы, Егіпта, Бангладэш, Свазілэнда і Беларусі – штодня ў сваіх краінах супрацьстаяць рэжымам, якія падаўляюць мірнае ажыццяўленне асноўных свабодаў і правоў чалавека.
“Гэта серыя стужак пра змагароў за правы чалавека з шасці розных краінаў, і я гляджу на кожнага з іх як на героя. Больш чым калі-небудзь, свет мае патрэбу ў такіх людзях. Мне было важна паказаць, што кожны можа нешта змяніць у свеце сёння”, – тлумачыць Эрлінг Борген сваю рэжысёрскую задуму.
У анатацыі да часткі пра Алеся Бяляцкага адзначаецца, што “нягледзячы на 1050 дзён зняволення яго голас працягвае гучаць”.
Прэм’ера стужкі з удзелам галоўнага героя з Беларусі адбылася ў Осла ў чэрвені 2015 году, пасля прайшлі паказы на скандынаўскім тэлебачанні – у Даніі, Швецыі і Нарвегіі. За гэты час фільм атрымаў узнагароду італьянскага фестывалю “Кіно за мір”.