Нью-Ёрк: Сустрэча з Уладзімірам Сіўчыкавым і Лявонам Анацкам
2 чэрвеня ў беларускім цэнтры пры саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася сустрэча з шаноўнымі гасцямі з Беларусі – Уладзімірам Сіўчыкавым і Лявонам Анацкам.
Уладзімір Сіўчыкаў, беларускі пісьменнік, перакладчык, мастак і выдавец, прэзентаваў сваю новую кнігу вершаў „Багоўка” для дашкольнікаў і школьнікаў малодшых класаў. Акрамя таго, спадар Уладзімір падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт сённяшняга стану беларускай літаратуры, яе выдавецтва і адказаў на ўсе пытанні цікаўных.
Лявон Анацка, старшыня лідскага Таварыства беларускай мовы, удзельнік міжнародных марафонаў, распавёў пра сваю працы ў ТБМ, любоў да беларускай мовы, жыцця і шлях да ўдзелу ў міжнародных марафонах. Спадар Лявон падзяліўся сваім досведам арганізацыі першага ультрамарафону ў Беларусі.
Наталля Федарэнка
Фота Сяргея Кудзеліча