Па адным з участкаў на выбарах не зарэгістравана ніводнага кандыдата



Па адным з участкаў на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў не зарэгістравана ніводнага кандыдата, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 13 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску. „Гэта Савецкая выбарчая акруга № 3 па выбарах дэпутатаў Ельскага раённага савета дэпутатаў у Гомельскай вобласці”, — сказала яна.

Паводле слоў Ярмошынай, перад пачаткам датэрміновага галасавання, якое пачалося сёння, ЦВК правяла генеральную рэпетыцыю працы выбарчых камісій. Паводле іх дадзеных, у спісах лічыцца 6 млн 927 тыс. 786 выбаршчыкаў.

Дэпутаты будуць абраныя ў 1.309 мясцовых саветаў па 18.111 акругах.

Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравана 22.278 чалавек. З іх 10.946 — жанчыны, 10.362 — дэпутаты дзейнага склікання, 1.169 — грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў, 33 — грамадзяне Расеі.

Партыйным з’яўляецца 1.051 кандыдат.  БелаПАН