Па Беларусі пайшла хваля абліцця помнікаў Леніну фарбай
Па Беларусі пайшла хваля абліцця помнікаў Леніну чырвонай фарбай. 22 красавіка, на дзень народзінаў Леніна – арганізатара первароту ў Расеі ў 1917 годзе – абліты ў Магілёве, 21 красавіка – у Берасці, у сакавіку – у Браславе і мястэчку Малеч. У Берасці міліцыя ў пошуку так бы мовіць злачынцы задзейнічала нават сабак. Знойдзены вінаваты толькі ў Малечы. Ён зайшоў у бліжэйшую ад помніка кавярню памыць рукі ад фарбы. І натрапіў на ўчастковага. Той пры пошуку вінаватага ўспомніў эпізод з мыццём рук.
Гэта не вандалізм, гэта адносіны да гістарычнай постаці, кажа прэс-сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна:
– Калі раней людзі хацелі б абліць яго фарбай, але не знаходзілі для гэтага смеласці, то зараз сталі адкрыта праяўляць усе тыя пачуцці, якія даўно наспявалі.
Аляксандар Кабанаў: Людзі пачалі цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, а ў гісторыі спадар Ленін нам нічога добрага не зрабіў. А па-другое, Украіна побач. Людзі бачаць, як там ідзе дэкамунізацыя. Усе гэтыя Леніны, Дзяржынскія, Свердлавы і так далей – купка маньякаў, якія знішчалі свой народ.
2 траўня ў судзе Бярозаўскага раёна адбудзецца адміністрацыйны працэс за абліццё помніка Леніну ў Малечы. А меўся пачацца працэс нават як крымінальны.
Беларускае Радыё Рацыя