Ці захаваецца беларускі клас ў гарадзенскай гімназіі №10?



У верасні 2014 года стала вяддома, што ў гімназіі №10 Гародні па-беларуску будуць вучыцца дзеткі, бацькі якіх падалі заяўкі на беларускамоўнае навучанне.

У верасні 2014 года падчас сустрэчы бацькоў і сябраў Таварыства беларускай мовы з начальнікам аддзела адукацыі Сяргеем Ламекам, чыноўнік запэўніў, што для двух гімназістаў, якія паступілі ў 5-ы клас, будуць створаны такія ўмовы.

Летась выпускнікі пачатковай школы Святлана Астроўская ды Мікіта Кузьмініч паступілі ў гімназію №10 Гародні ў пятую класу. Яны заклалі першае, пасля многіх гадоў адсутнасці, навучальнае беларускае асяроддзе ў абласным цэнтры.

Але статус гэтых гімназістаў з новага навучальнага году пакуль не вызначаны. Кажа бацька навучэнца Ігар Кузьмініч:

– Мы задаволеныя тым, як адміністрацыя ставіцца да навучання. І як адбываецца само навучанне. Адзінае, што не зразумелы статус нашых дзяцей – ці будзе далей працягвацца навучанне па-беларуску? Паколькі мы заяву напісалі толькі на адзін год. Зараз трэба пісаць заяву на наступны год. Я так разумею, што па-новаму будзе разглядацца пытанне: дазваляць ці не дазваляць вучобу на беларускай мове для двух вучняў 10-ай гімназіі.

Чаму на ўвесь курс навучання па-беларуску дырэктарка дзясятай гімназіі не прыняла заяўкі?

Як паведаміла маці Святланы Астроўскай – Аксана, такую заяўку прасілі напісаць у сувязі з перагружанасцю навучальнай установы.

Кажа Алесь Астроўскі, бацька Святланы:

– Пытанне ў якой ступені будзе навучанне на беларускай мове, ну прыблізна схема такая, як і была ў школе, што немагчыма пакуль што забяспечыць усе прадметы на беларускай мове. Маецца на ўвазе застанецца на расейскай мове і разам з класам: фізкультура, праца, спевы, маляванне, але асноўныя прадметы: матэматыка, гісторыя, чалавек і свет, беларуская літаратура, беларуская мова будуць на беларускай мове.

Цяпер ужо ў гімназію № 10 плануюць паступаць некаторыя выпускнікі пачатковай школы, якія вучыліся па беларуску.

Ці забяспечыць аддзел адукацыі навучанне ў гэтай геаграфічна выгаднай навучальнай установе, мы даведаемся неўзабаве.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня