Па-беларуску ў Гародні будзе вучыцца 16 першакласнікаў



У гарадзенскай школе №34 з’явіцца беларускі клас. Пра гэта афіцыйна паведамілі падчас сустрэчы бацькоў першакласнікаў.

Усяго ў класе пад літарай “К” будзе навучацца 5 дзетак. Такім чынам, сёлета ў два першыя ў Гародні беларускія класы ў школах №32 і 34 – набралася 16 дзетак-першакласнікаў, якія будуць вучыцца па-беларуску.

Старшыня Гарадзенскай гарадской рады ТБМ Аляксей Пяткевіч лічыць, што дасягнуць гэтага ўдалося дзякуючы сталай агітацыйнай працы сяброў таварыства беларускай мовы:

– Вынік добры, раней такога не было, назіраецца пэўная тэндэнцыя прагрэсу ў гэтай справе, з кожным годам павялічваецца колькасць беларускамоўных вучняў, прынамсі ў нас у Гародні. Гэта канешне прыемна, хаця такая колькасць не вельмі цешыць, калі ўлічыць, што ў школах па дзесяць першых класаў, то беларускамоўны невялікі клас на гэтым фоне выглядае вельмі і вельмі сціпла.

У Гародні ў гэтым навучальным годзе ўжо адкрытыя беларускамоўныя класы ад першага па чацвёрты.

Таксама па-беларуску будуць вучыцца 2 пяцікласнікі-гімназісты, праўдападобна ў гарадзенскай гімназіі №10. Для дашкольнікаў будуць працаваць дзве беларускія групы пры садку №45, якія ахопліваюць узрост ад двух да пяці гадоў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя