Па берасцейскай справе „пудзілаў-рэек-пакрышак” агучылі прысуд (абноўлена)



Суд Ленінскага раёна Берасця 18 траўня вынес прысуды 10 мясцовым жыхарам на падставе ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 1 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або пуцей зносін) Крымінальнага кодэкса, паведамляе тэлеграм-канал „Вясна. Брэст”.

Фігурантаў справы прызналі вінаватымі ў замыканні рэек дротам на чыгуначным перагоне Тэўлі — Жабінка. У выніку была заблакаваная аўтаматызаваная сістэма кіравання і кантролю руху чыгуначнага транспарту, што пацягнула збой у руху цягнікоў.

Берасцейцы таксама прызнаныя вінаватымі ў размалёўванні платоў і кіёска „Табакерка”, размяшчэнні на бачных месцах „пудзіл з абразлівымі надпісамі на адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прадстаўнікоў улады”, падпале ўначы на пустой дарозе некалькіх аўтамабільных пакрышак, закідванні яйкамі і камянямі апорнага пункта міліцыі. Паводле версіі абвінавачвання, гэтыя дзеянні былі здзейсненыя ў кастрычніку—лістападзе 2020 года.

Яўген Комбуль прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі, Сяргей Сіліч — да чатырох гадоў, Максім Пыцель — да трох гадоў, Максім Сілюк — да двух з паловай гадоў, Вольга Сыроватка і Сяргей Красоўскі — да двух гадоў, Уладзімір Кацюбка — да паўтара года, Наталля Барынава і Наталля Муратава — да аднаго года пазбаўлення волі. Усё — з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму.

Марыне Сілёнак прызначана паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Прысуд не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

***

Прысуд па справе „пудзілаў-рэек-пакрышак” будзе агучаны ў Берасці ўжо сёння, 18 траўня. Судовае паседжанне пачалося ў судзе Ленінскага раёна горада Берасця а 10-30 па адрасе праспект Машэрава 8.

У справе агулам 10 абвінавачваемых. Гэта Яўген Камбуль, Сяргей Сіліч, Максім Сілюк, Максім Пыцель, Вольга Сыраватка, Наталля Барынава, Наталля Муратава, Сяргей Красоўскі, Уладзімір Кацюбка і Марына Сілёнак. Ім пагражае нават да 5 гадоў калоніі.

Дадаткова вядома пра тое, што ў час следства абвінавачваемыя заяўлялі пра ціск на іх. Да прыкладу, на адным з судовых паседжанняў Наталля Барынава адзначыла, што „следчыя пагражалі ёй турэмным тэрмінам і органамі апекі, якія быццам ужо афармляюць дакументы на тое, каб адабраць яе 4-гадовую дачку”.

Берасцейскія праваабаронцы заклікаюць падтрымаць тых, каго будуць судзіць па крымінальнай палітычна матываванай справе і прыйсці на суд. Пры сабе патрабуецца мець маску і пашпарт.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце