Па БТ паказалі кадры допыту ўкраінца Паўла Шаройкі



Па беларускіх дзяржаўных тэлеканалах у вячэрніх выпусках навін 20 лістапада паказалі кадры аператыўнай здымкі ў КДБ затрыманага ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, якому ў Беларусі прад’яўлена абвінавачанне ў шпіянажы.

„У 2016 годзе яшчэ пры змене кіраўніка мяне перавялі з аддзела, які займаўся журналістамі, што працуюць пад прыкрыццём, у аддзел, дзе працуюць дыпламаты пад прыкрыццём. З чым гэта было звязана, мне да гэтага часу незразумела. Але я мяркую, што гэта рабілася напярэдадні прыезду ў Беларусь на пасаду першага сакратара пасольства Украіны палкоўніка Скварцова Ігара Васільевіча”, — сказаў у паказаным урыўку Шаройка.

Грамадзянін Украіны карэспандэнт Грамадскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Украіны Павел Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка. 20 лістапада на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын заявіў, што ў дачыненні да затрыманага, які, паводле яго слоў, з’яўляецца кадравым супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны і стварыў у Беларусі агентурную сетку, распачата справа за шпіянаж (арт. 358 КК), што прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам ад 7 да 15 гадоў.

Паводле звестак КДБ, дзейнасць Шаройкі ў Беларусі каардынаваў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Ігар Скварцоў, які дзейнічаў пад прыкрыццём пасады саветніка пасольства Украіны. Скварцоў абвешчаны персонай нон грата.

Пры зборы інфармацыі таксама затрыманы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляў шпіёнскую дзейнасць у інтарэсах Украіны. Па інфармацыі КДБ, беларус сваю віну прызнаў і расказаў, што па заданні ўкраінскай ваеннай разведкі за грашовае ўзнагароджанне займаўся зборам і перадачай інфармацыі пра абараназдольнасць Беларусі.

Між тым Служба па сувязях з грамадскасцю Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны вечарам 20 лістапада заявіла, што выкладзеная ў заяве беларускага КДБ інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

Пры гэтым адзначаецца, што Павел Шаройка сапраўды праходзіў службу ў ГУР МА Украіны на пасадзе начальніка прэс-службы. „У 2009 годзе ён быў звольнены з ваеннай службы па стане здароўя. Пасля вызвалення П.Шаройка працаваў па раней набытай спецыяльнасці — журналістам украінскіх СМІ, у тым ліку карэспандэнтам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, — паведамляе ГУР Мінабароны Украіны.

У Міністэрстве абароны Украіны заяўляюць, што „затрыманне на беларускай тэрыторыі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі можа тлумачыцца як правакацыйная”.

belapan.by