Па фактах вандалізму ў Курапатах пачатыя дзве крымінальныя справы
Па фактах вандалізму на месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам — распачатыя дзве справы па ч. 1 арт. 344 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў). Пра гэта, адказваючы на пытанне БелаПАН, на прэс-канферэнцыі ў Менску 12 лютага паведаміў пракурор Менскай вобласці Алег Лаўрухін.
Паводле яго слоў, 15 студзеня справа распачатая з-за пашкоджання „Крыжа пакуты”, 5 лютага — з-за амаль поўнага знішчэння невядомымі мемарыяльнай лаўкі, устаноўленай падчас візіту ў 1994 годзе прэзідэнта ЗША Біла Клінтана.
„Мы ажыццяўляем маніторынг наогул любой сітуацыі, якая адбываецца на тэрыторыі вобласці, у першую чаргу якая датычыцца праваахоўнай дзейнасці. Курапаты ў дадзеным выпадку не выключэнне. Безумоўна, тое, што там адбываецца, заўсёды трапляе ў зводкі, якія штодня кладуцца на стол пракурору раёна, мне і маім намеснікам”, — адзначыў пракурор.
„Ёсць два такія пашкоджанні. Распачатыя крымінальныя справы. Таму не трэба казаць, што тут нейкае супрацьстаянне паміж актывістамі або пратэстуючымі, як заўгодна можна іх назваць, і сістэмай дзяржаўных органаў. Калі гэтыя факты маюць месца, значыць, па іх распачынаюцца крымінальныя справы. Ёсць акт вандалізму —гэта крымінальна каранае дзеянне. Іншая справа, знойдзем ці не знойдзем злачынцу — гэта праца следства, тых жа аператыўнікаў”, — заявіў Лаўрухін.
Пракурор таксама паведаміў, што за апошні час шэсць чалавек прыцягнуты да адказнасці па ч. 3 арт. 19 КоАП (парушэнне парадку і ўмоў выканання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях альбо здзяйсненне дзеянняў, якія ствараюць пагрозу гісторыка-культурным каштоўнасцям) — за ўстаноўку ў Курапатах новых крыжоў; па адным з эпізодаў справаводства спыненае.
„Давайце будзем паслядоўныя. Калі мы кажам, што гэта гісторыка-культурная спадчына, то існуе дзейнае заканадаўства, той жа Кодэкс аб культуры, артыкулы якога гавораць, што любыя работы на такіх аб’ектах павінны ўзгадняцца, — растлумачыў пракурор сталічнай вобласці. — Калі гэта наша беларуская спадчына, з аднаго боку, і з вандалізмам будзем змагацца, але, напэўна, і з боку актывістаў не трэба парушаць [законы]. Што ні кажы, гэта старонкі нашай гісторыі. Падобных да Курапатаў месцаў толькі па Менску каля дзесяці, а па Беларусі наогул больш за 120”.
Пры гэтым Лаўрухін падкрэсліў, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў не супраць таго, каб актывісты абнаўлялі крыжы ва ўрочышчы, аднак для гэтага трэба атрымліваць адпаведныя дазволы ў Мінкультуры.