Па факце ДТЗ у Добрушскім раёне пачатая крымінальная справа



Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці пачало справу па ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) па факце ДТЗ у Добрушскім раёне.

Нагадаем, 3 сакавіка непадалёк ад вёскі Чырвоная Буда Добрушскага раёна службовы аўтамабіль Добрушскага РАУС пры праездзе нерэгуляванага чыгуначнага пераезду сутыкнуўся з цеплавозам. У аўтамабілі знаходзілася трое супрацоўнікаў Добрушскага РАУС і грамадзянін, затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне.

Як паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама, міліцыянер-кіроўца Добрушскага РАУС ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр на месцы. Старшы оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку з цялеснымі пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваны ў аддзяленне рэанімацыі Гомельскай абласной клінічнай бальніцы. Участковы інспектар з цялеснымі пашкоджаннямі шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне Добрушскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Мужчына, затрыманы за ўчыненне правапарушэння, прадугледжанага арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства), быў дастаўлены ў райбальніцу, дзе яму аказана дапамога. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся.

Абласное УУС паведамляе таксама, што сваякам загінулага супрацоўніка міліцыі і пацярпелым у выніку дарожна-транспартнага здарэння міліцыянерам кіраўніцтва і асабісты склад органаў унутраных спраў Гомельскай вобласці аказваюць усю неабходную падтрымку. У міліцэйскіх калектывах абвешчаны добраахвотны збор сродкаў.

belapan.by