Па факце ўчорашніх падзей у Менску распачатая крымінальная справа
Следчы камітэт паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы „па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, на тэрыторыі горада Менска, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.
Як вынікае з паведамлення, размешчанага ў тэлеграм-канале СК, справа распачатая ўпраўленнем Следчага камітэта па Менску на падставе артыкула 342 КК.
„У гэты момант праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Усе відэаматэрыялы, размешчаныя ў інтэрнэце, далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы і зараз вывучаюцца следчымі. Асобы, якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці, затрыманыя. Іх дзеянням будзе дадзеная прававая ацэнка”, — паведамляе СК.
Вечарам 14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць рашэння ЦВК адмовіць у рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу. Згодна са звесткамі праваабаронцаў, у розных гарадах краіны было затрымана не менш як 248 чалавек, адпушчана на волю 19. У Менску затрымана як мінімум 203 чалавекі, у тым ліку грамадзянін Расеі.
belapan.by