Старшыня Гомельскага райвыканкама звольнены за прагулы
У адпаведнасці з распараджэннем старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка 12 красавіка кіраўнік Гомельскага райвыканкама Аляксандр Сітніца вызвалены ад пасады за грубае парушэнне сваіх працоўных абавязкаў (прагулы). Пра гэта паведамілі БелаПАН у прэс-службе аблвыканкама.
Абавязкі старшыні Гомельскага райвыканкама выконвае першы намеснік Аляксей Жарнасек, паведамілі БелаПАН у прыёмнай. Пра лёс Сітніцы сакратар палічыў за лепшае прамаўчаць. Інфармацыя, што цяпер раёнам кіруе Жарнасек у якасці в.а. старшыні, з’явілася і ў графіку прыёму грамадзян на сайце райвыканкама.
У прыёмнай першага намесніка — выканаўцы абавязкаў паведамілі, што кіраўнік знаходзіцца ў раёне.
З сайта райвыканкама зніклі дадзеныя аб тым, што Сітніца з’яўляецца старшынёй мясцовай „вертыкалі”. Акрамя таго, вакантнымі з’яўляюцца пасады намесніка старшыні райвыканкама і кіраўніка справамі.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Сітніцай зацікавіліся сілавыя структуры. Афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава паведаміла БелаПАН, што ў вытворчасці абласнога ўпраўлення крымінальнай справы ў дачыненні да Сітніцы няма.
На пасаду старшыні райвыканкама ён быў прызначаны ў 2009 годзе. БелаПАН