Па неправераных дадзеных у Берасці загінулі 3 чалавекі



У Берасці адсутнічае інфармацыя па колькасці забітых і раненых пасля начных падзеяў. Па неправераных дадзеных 3 чалавекі загінулі, колькасць арыштаваных можа вылічвацца нават не дзясяткамі, а сотнямі.

Дакладныя дадзеныя затрыманых і месца іх знаходжанне не паведамляецца. Раніцай, 11 жніўня, стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго берасцейскага праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна.

Перастрэлкі і ўзрывы гранат учора, 10 жніўня, адбываліся пераважна на бульвары Касманаўтаў і праспекце Машэрава.

Адна з самых буйных сутычак пратэстоўцаў з сілавікамі адбылася на праспекце Машэрава каля школы №15. Пратэстоўцы перагароджвалі дарогу бетоннымі лаўкамі, выломлівалі тратуарную плітку, білі яе на больш дробныя часткі і кідалі ў сілавікоў. Паўсюль былі чуваць выбухі светагукавых гранат.

Пратэсты ў Берасці былі аднымі з самых маштабных па краіне адразу пасля менскіх. Гэта можа быць звязанае з тым, што выбарчыя камісіі ў абласным цэнтры адмовіліся фальсіфікаваць выбары і вывесілі сапраўдныя пратаколы.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце