Па падазрэнні ў забойстве інваліда затрыманы 21-гадовы жыхар Магілёва
Міліцыя затрымала 21-гадовага жыхара Магілёва, які падазраецца ў забойстве інваліда, труп якога быў знойдзены ў лістападзе 2015 года ў яры ў мікрараёне Юбілейны.
Нагадаем, 8 лістапада ў яры насупраць дома № 42 па Дняпроўскім бульвары прахожыя знайшлі труп мужчыны. Праваахоўныя органы ўстанавілі, што гэта 25-гадовы мясцовы жыхар. Ён быў інвалідам і меў апекуна. Паводле заключэння судова-медыцынскага эксперта, смерць наступіла ў выніку страты крыві ад атрыманых шматлікіх колата-рэзаных ран. Была распачата справа па ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства).
Праваахоўнікам удалося ўстанавіць асобу і затрымаць падазраванага, які пасля ўчынення забойства некаторы час хаваўся на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.
„21-гадовы раней не судзімы беспрацоўны жыхар Магілёва пры правядзенні першапачатковых следчых дзеянняў пад цяжарам сабраных доказаў прызнаўся ва ўчыненым забойстве і паказаў месца, дзе схаваў прыладу злачынства — нож. Следчымі з выкарыстаннем магчымасцяў перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі УСК па Магілёўскай вобласці прылада злачынства было знойдзена і канфіскавана у паказаным падазраваным месцы”, — распавёў начальнік Ленінскага РАУС Магілёва Аляксандр Маскалёў.
Паводле яго слоў, устаноўлена, што падазраваны актыўна наведваў інтэрнэт-рэсурсы, якія змяшчаюць інфармацыю аб гвалце ў дачыненні да людзей. „У адной з сацыяльных сетак ён негатыўна выказваўся пра асоб без пэўнага месца жыхарства з нагоды іх знаходжання ў Магілёве”, — падкрэсліў начальнік РАУС.
„У аператыўнікаў ёсць падставы меркаваць, што затрыманы мог ужываць курыльныя сумесі, якія змяшчаюць у сваім складзе псіхатропныя рэчывы. Непасрэдна перад учыненнем злачынства ён ўжываў спіртное, пасля чаго блукаў па горадзе. Пазнаёміўшыся з маладым хлопцам у раёне вуліцы Каралёва, ён дайшоў з ім да Дняпроўскага бульвара. Там паміж імі ў ходзе гутаркі нібыта паўстаў канфлікт, у выніку якога затрыманы і прычыніў суразмоўцу нажавыя раненні, ад якіх той памёр на месцы. Праца з падазраваным працягваецца. Сапраўдны матыў учынення злачынства устанаўліваецца”, — адзначыў Маскалёў.
Падазраваны арыштаваны. Яму пагражае пазбаўленне волі да 15 гадоў.