Па патрабаванні актывістаў тэхніка пакінула Курапаты



Па патрабаванні грамадскіх актывістаў тэхніка пакінула ўрочышчы Курапаты, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Раніцай 15 кастрычніка ў Курапатах пачаліся падрыхтоўчыя працы для ўстаноўкі памятнага знака, праект якога перамог у конкурсе Міністэрства культуры. У прыватнасці, рабочыя пачалі капаць траншэю для адводу вады. Абаронцы Курапатаў перашкодзілі працы тэхнікі. Яны асцерагаюцца, што выкарыстанне будаўнічай тэхнікі без кантролю грамадскасці можа пашкодзіць месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Акрамя таго, дадаў Севярынец, ім не паказалі праектную дакументацыю для правядзення будаўнічых работ.

„Экскаватар і бульдозер з’язджаюць з Курапатаў. Заўтра самі будзем весці раскопку траншэі для адводу вады — такога ўдалося дасягнуць пагаднення”, — распавёў Севярынец.

У канцы жніўня журы вызначыла пераможцу конкурсу эскізных праектаў памятнага знака, які мяркуецца ўсталяваць на месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты. Лепшым прызнаны праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай. Ён уяўляе сабой канструкцыю на чатырох нагах ржавага адцення, якія звужваюцца ўнізе. Уверсе яны злучаныя папярочнымі перакладзінамі, якія ўтвараюць крыжы.

Памятны знак плануецца ўстанавіць на так званай Галгофе — цэнтральным ўзгорку ва ўрочышчы.