Па патрабаванні Генпракуратуры прыпыненыя працы на Вайсковых могілках у Менску



У адпаведнасці з загадам Генеральнай пракуратуры Беларусі прыпыненыя працы на тэрыторыі Вайсковых могілак у Менску. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Генпракуратуры.

Галоўнае нагляднае ведамства краіны таксама накіравала прадстаўленне ў Міністэрства культуры, якое на працягу 30 сутак павінна вырашыць пытанне пра абследаванне гэтых могілак, Усходніх могілак, Татарскіх пахаванняў у раёне праспекта Пераможцаў у Менску.

Гаворка ідзе пра тое, каб надаць некаторым месцам пахавання статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання. Ліст з прапановамі па гэтым пытанні быў адпраўлены Генеральнай пракуратурай ва ўрад яшчэ ў маі.

Нагадаем, працы на Вайсковых могілках былі пачатыя 4 чэрвеня. Яны выклікалі абурэнне прадстаўнікоў грамадскасці, так як гэты аб’ект уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Як заявіў на прэс-канферэнцыі 12 ліпеня намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, работы па добраўпарадкаванні Ваенных могілак, якія праводзяць гарадскія ўлады, не парушаюць ніякіх законаў. „Дарожкі і інжынерныя сеткі сапраўды трэба ўзгадняць ў міністэрстве. Гэта помнік гісторыі, а не архітэктуры, — заявіў ён. — Работы, якія вядуцца на гэтых могілках, рэгулююцца законам „Аб пахаванні і пахавальнай справе„. Ахоўваецца законам сам факт пахаванняў — іх ніхто не пераносіць, а спрэчкі ідуць наконт візуалізацыі”.  БелаПАН