Па позве ў міліцыю – толькі з адвакатам



Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў з Бярозы ў міліцыю па позве будзе хадзіць толькі з адвакатам. Па новай позве ў Бярозаўскі аддзел міліцыі Кабанаў павінен быў прыйсці 8 сакавіка на 11 гадзін. Дзеля складання дамовы з адвакатам актывіст папрасіў перанесці час па позве на больш позні. У выніку міліцыянты перанеслі сустрэчу на панядзелак.

Кажа Аляксандр Кабанаў:

– Я больш адзін у РАУС хадзіць не буду. Бо кожны мой самастойны візіт туды заканчваецца адным і тым жа – затрыманнем, я трапляю ў камеру. Якая б ні была прычына, мяне заўсёды закрываюць у камеры. І як толькі мы заключылі дамову з адвакатам, я гатовы быў выехаць па позве. Аднак мы спазняліся, і самі супрацоўнікі міліцыі мне патэлефанавалі і сказалі, што сустрэча пераносіцца на панядзелак.

Паводле Аляксандра Кабанава, яго за акцыі ўжо пакаралі, ён агулам адсядзеў 15 сутак. Што на гэты раз яму прад’явяць – не ведае. У позве напісана, што выклікаецца як сведка. Па якой справе – не гавораць.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза