Па слядах Першай сусветнай вайны



На Піншчыне рыхтуюцца да экскурсіі-прэзентацыі турыстычнага маршрута па Першай сусветнай вайне. Інфармацыйныя буклеты плануецца выдаць у Менску, а само мерапрыемства правесці ў верасні, пасля агульнаберасцейскіх “Дажынак-2014”.

На прэзентацыю запросяць прадстаўнікоў турфірмаў, журналістаў, гісторыкаў ды чыноўнікаў, адказных за развіццё турызму на Палессі. Склала маршрут намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна. Паводле яе слоў, краіна паступова крочыць да пераасэнсавання раней невядомай і забытай вайны:

–  Саветызм светапогляду працягваецца, і некаторыя людзі дзіўныя: ім здаецца, што помнік можа быць прысвечаны толькі Вялікай Айчыннай вайне. А ведаеце, нельга змяніць усё вось так: шыльду вывесіў – і змянілася краіна. Гэта новы светапогляд. Трэба, каб не адно пакаленне нарадзілася, якое стала б думаць па-іншаму.

Таццяна Хвагіна адзначае, што менавіта ў 2015–2018 гадах тэма Першай сусветнай будзе актуальнай у Беларусі, бо роўна сто год таму на беларускія землі прыйшла вайна. З 1915 па 1918 год Беларусь аказалася ў цэнтры баявых дзеянняў ва Усходняй Еўропе.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота govorim.by