Па справе аб атручэнні жанчын у Барысаве затрыманая работніца прадпрыемства



У Барысаве следчыя працягваюць высвятляць абставіны атручэння пяці жанчын на прадпрыемстве, якое займаецца вытворчасцю прадуктаў з рыбы.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Менскай вобласці Таццяна Беланог, вывучаюцца ўзятыя на прадпрыемстве дакументацыя і запісы з камер відэаназірання, якія далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы. Затрыманая работніца, з якой праводзяцца працэсуальныя і следчыя дзеянні.

Крымінальная справа распачатая па артыкуле 155 КК (прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці). Працягваюцца допыты сведак, работнікаў, службовых асоб, адбываюцца вобшукі і шэраг лабараторных даследаванняў.

Як паведамлялася раней, 14 кастрычніка пяць жанчын былі дастаўленыя ў лякарню Барысава з хімічнымі апёкамі рознай ступені.

Папярэдне ўстаноўлена, што яны напярэдадні ўжывалі невядомую вадкасць. Адчулі недамаганне і звярнуліся па медыцынскую дапамогу. „Цяпер лекары змагаюцца за жыццё трох чалавек, якія знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзяленні ў вельмі цяжкім стане”, — сказала Беланог.

У рамках агляду следча-аператыўнай групай канфіскаваныя бутэлька і іншыя рэчавыя доказы. Яны накіраваныя ў лабараторыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз для даследаванняў, у тым ліку на прадмет усталявання атрутных рэчываў.

belapan.com