Па справе аб смяротным пажары на „Гародня Азоце” судзяць майстра
У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 23 жніўня пачаўся працэс па справе аб пажары на ААТ „Гародня Азот”, які забраў жыцці двух чалавек.
На лаве падсудных — 32-гадовы майстар па рамонце тэхналагічнага абсталявання аднаго са структурных падраздзяленняў „Гародня Азота”. Яго абвінавачваюць у парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 3 арт. 304 КК), якая прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Сваёй віны ён не прызнае.
Адказваючы на пытанні абвінавачвання, ён распавёў, што ў той дзень яго брыгада рамантавала абсталяванне ў цэху выпарвання едкага натру (ВЕН). Ён атрымаў усе неабходныя дазволы на выкананне рамонтных і агнявых работ. Яму паведамілі, што памяшканне адносіцца да катэгорыі „Д”, а гэта значыць, што ў ім няма матэрыялаў, якія загараюцца. Пра гэта яму вусна паведамлялі начальнік цэха і начальнік змены. Такім чынам, кіраўнікі ўтаілі ад рабочых рамонтнай брыгады, што побач з імі знаходзілася 62 тоны выбухованебяспечных хімікатаў.
Суд працягнецца допытам сведак і пацярпелых.
Як паведамлялася, сур’ёзны пажар на „Гародня Азоце” пачаўся 6 чэрвеня 2016 года прыблізна ў 12.30. У цэху ВЕН рабочыя выконвалі агнявыя работы з дапамогай газавага разака. У гэтым жа памяшканні захоўваліся ўпакоўкі з крышталічным гідроксіламінасульфатам. Іскры і часцінкі распаленага металу трапілі на хімічнае рэчыва, яно загарэлася і стала выдзяляць небяспечны газ.
Двое рабочых загінулі на месцы ад вострага атручвання прадуктамі раскладання, яшчэ трое атрымалі траўмы і трапілі ў бальніцу. Агонь знішчыў амаль 62 тоны спакаванага гидроксіламінсульфату коштам больш за 74 тысяч рублёў, пашкодзіў іншую маёмасць прадпрыемства больш чым на 19 тысяч рублёў.