Па „справе баевікоў” вызвалілі спецназаўца Дукшта і памежніка Грэка
Паводле інфармацыі закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру „Вясна”, з СІЗА КДБ адпушчаныя яшчэ двое фігурантаў справы аб падрыхтоўцы „масавых беспарадкаў”.
31 сакавіка з СІЗА КДБ выйшлі Вячаслаў Дукшт, спецназавец з Мар’інай Горкі, і Ілля Грэк, намеснік начальніка па ідэалогіі смаргонскага памежнага атрада. Абодва былі затрыманыя 21 сакавіка.
31 сакавіка таксама быў адпушчаны Сяргей Барсток, а 1 красавіка — чатыры актывісты „Маладога фронту” — Дзмітрый Крамянецкі, Раман Васільеў, Арцём Леўчанка і Уладзімір Яроменак. У спісе затрыманых па справе аб падрыхтоўцы „масавых беспарадкаў” застаецца 21 чалавек. Вядома, што 10-ці з іх ужо прад’яўлены абвінавачванні паводле ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса РБ.