Па «справе ЧКБ» працягваюць судзіць супрацоўніцу «Адно акно»



Былую супрацоўніцу службы «Адно акно» Кастрычніцкага раёна Менска Святлану Бычкоўскую затрымалі 21 красавіка 2022 года. У «пакаяльным» відэа жанчына казала, што перадала асабістыя дадзеныя сілавікоў тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі».

У Менскім гарадскім судзе 20 красавіка пачалі судзіць палітзняволеную паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
• ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
• арт. 352 (неправамернае завалоданне камп’ютэрнай інфармацыяй);
• ч. 3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб персанальных дадзеных);
• ч. 3 арт. 426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў).

Святлана ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА-1 больш за год. Справу разглядае суддзя Дзіна Кучук.

Падтрымаць Святлану грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Святлана Віктараўна Бычкоўская.