Па справе „Вясны” на допыты выклікаюць праваабаронцаў, актывістаў і журналістаў
Па справе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” на допыты ў Следчы камітэт выклікаюць праваабаронцаў, валанцёраў, грамадскіх актывістаў і журналістаў па ўсёй Беларусі, паведамляе spring96.org.
Адзначаецца, што следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, распачатай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Так, 1 красавіка на допыт ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці выкліканы ў якасці сведкі грамадскі актывіст Анатоль Паплаўны.
У Магілёве на допыт выклікаюць незалежную журналістку Крысціну Барысаву.
31 сакавіка ў Менску следчымі быў дапытаны юрыст „Вясны” Аляксей Лойка.
Праваабаронцы нагадваюць, што раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Менск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца, Гомельская вобласць).
Савет ПЦ „Вясна” выказаў свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіў, што „ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі”.
16 лютага ў офісах і кватэрах дзясяткаў праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і незалежных журналістаў па ўсёй краіне прайшлі вобшукі. Як пасля паведаміў СК, яны былі праведзеныя ў межах расследавання справы паводле артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
11 міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку Amnesty International, выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх уладаў выконваць свае абавязацельствы па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека, спыніць пераслед праваабаронцаў і мірных грамадзянскіх актывістаў і вызваліць зняволеных па палітычных матывах.
У пачатку сакавіка стала вядома, што па факце дзейнасці „Вясны” распачатая крымінальная справа. Расследаваннем займаецца галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта.
„Як вынікае з афіцыйных каментараў СК, на думку органаў следства, ПЦ” Вясна „нібыта ажыццяўляе фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне незаконных масавых мерапрыемстваў, якiя дамагаюцца мэты здзяйснення іх удзельнікамі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак”, — паведамлялі праваабаронцы „Вясны”.