Па справе за пінскую акцыю пратэсту праходзіць 20 пінчукоў?



У лістах на волю палітвязень Ігар Салавей спрабуе даць зразумець паплечнікам, што па справе за пінскую акцыю пратэсту ў ноч з 9-га на 10-е жніўня праходзіць 20 пінчукоў. На сённяшні дзень мясцовыя праваабаронцы дакладна ведаюць пра 14 фігурантаў, 13 з якіх знаходзяцца пад арыштам у Баранавіцкім СІЗА №6 і 1 пад хатнім арыштам.

Старшыня Пінскай гарадской арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова не выключае таго, што наўпрост некаторыя сваякі не гавораць публічна пра сваю сітуацыю:

– Я дапускаю тое, што ў нас існуе яшчэ 6 чалавек, родныя якіх пабаяліся даваць агалоску. Якіх угаварылі, каб яны не прыцягвалі адвакацкую дапамогу, у дадзеным выпадку яна не з’яўляецца абавязковай, і яна існуе па рашэнні самога падсуднага. Яны купіліся на ўсім вядомыя, як кажуць беларусы, “абяцанкі-цацанкі”, што калі пойдуць на здзелку са следствам, яны атрымаюць мінімальныя тэрміны.

Пінчукам-палітвязням пагражае пакаранне ад трох да васьмі гадоў за акцыю каля Пінскага гарадскога выканкама ў першы паслявыбарчы вечар. Праваабаронцы схіляюцца да таго, што пінчукоў будуць караць вялікімі тэрмінамі.

Беларускае Радыё Рацыя