Па ўсёй Беларусі адбыліся акцыі супраць дыктатуры



Увечары 13-га жніўня па ўсёй Беларусі зноў адбыліся акцыі супраць дыктатуры.

На гэты раз яны набылі форму мірных выхадаў на вуліцы з дэманстрацыяй нацыянальных сімвалаў і пераможных жэстаў. Былі задзейнічаныя і вуліцы, на якіх у папярэднія дні ніякіх акцый не адбывалася.

Распавядае наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч.

Вулічныя акцыі папярэдніх дзён надзвычай натхнілі рабочых, якія распачалі забастоўку. У сваю чаргу, забастоўка працоўнага класу паказала ўсім, што працягваць акцыі трэба, а цярпець дыктатуру і здзекі не трэба. Гісторыі пра жудасныя катаванні за кратамі толькі распалілі жаданне людзей выходзіць і паказваць нязгоду з такімі метадамі, якія ўжо супольныя з тым, як дзейнічаў НКУС у савецкія часы.

Увечары 13-га жніўня людзі выходзілі і на тыя вуліцы, на якіх раней на пратэстным тыдні панавала цішыня. І зноў розны склад людзей – і пенсіянеры, і асобы сярэдняга веку, і моладзь. Мікрараён Чыжоўка, які быў самым пасіўным на поўдні сталіцы, на гэты раз выйшаў масава.

Некалькі тысяч чалавек на розных вуліцах, пачынаючы ад метро і да кальцавой дарогі сям-там выходзілі на вуліцы. Дарогі ніхто імкнуўся не перакрываць. Абсалютная бальшыня аўтамабіляў і істотная частка тралейбусаў ды аўтобусаў віталі пратэстоўцаў сігналамі і нацыянальнымі сцягамі з вокнаў. У некалькіх месцах на слупы павесілі бел-чырвона-белыя сцягі як сімвал таго, што павінна нарэшце змяніцца дзяржаўная сімволіка і вярнуцца да гістарычных колераў замест постсавецкіх.

Затрыманні па горадзе былі, але пераважна на Каменнай Горцы, якая зарэкамендавала сябе як вельмі пратэстны раён. У размовах людзі прызнаюцца, што чакаюць выхаду рабочых на забастоўкі, а там недалёка і да падзення дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя