Па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні
26 сакавіка супрацоўнікі міліцыі працягваюць затрымліваць патэнцыйных удзельнікаў акцыяў і дэмакратычных актывістаў. Многіх запрашаюць у міліцыю позвамі, у некаторых адбываюцца ператрусы.
Паводле сайту праваабарончага цэнтру «Вясна», гэта звязана з тым, што на 26 сакавіка ў розных гарадах Беларусі анансаваныя акцыі пратэсту.
У Барысаве. Сябра АГП Міхаіла Васільева затрымалі 25 сакавіка, але пасля апытання ў РАУС адвезлі нанач у ізалятар часовага ўтрымання да суду.
У Бярозе. Журналістку-фрылансерку і праваабаронцу Тамару Шчапёткіну, якая супрацоўнічае з беларускім Радыё Рацыя, на 11. 30 выклікаюць ў РУУС Бярозы.
У Полацаку. Да мясцовага актывіста Генадзя Берданева прыйшлі рабіць ператрус.
У Наваполацку. Адразу тры позвы ў міліцыю атрымала мясцовая грамадская актывістка Вольга Дамаскіна.
У Рэчыцы. Сябра Партыі БНФ Валер Пуціцкі паведаміў, што каля ягонага дома дзяжураць міліцыянты. Званілі ў дамафон і на мабільны.
Увечары 25-га сакавіка позву ў міліцыю на нядзелю, 26-га сакавіка, атрымаў жыхар Пінска Дзмітрый Тарасюк, які стаў вядомы ў выніку зваротаў у дзяржаўныя органы з патрабаваннем спыніць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў на Беларусь.