Па ўсёй краіне прайшлі затрыманні і вобшукі (абноўлена)
Стала вядома, што ў пятніцу таксама прайшлі ператрусы ў журналісткі з Бабруйска Марыны Маўчанавай і Анатоля Гатоўчыца з Гомеля, паведамляе БАЖ.
Вядома, што пасля ператрусу Марыну Маўчанаву таксама дапыталі і адпусцілі з падпіскай аб неразгалошванні.
* * *
У Гомелі з ператрусам прыйшлі да галоўнага рэдактара выдання „Сильные новости” Ганны Якштас, а таксама да рэдактара Ірыны Вольскай і супрацоўніцы рэдакцыі Яўгеніі Крашчук (яе не аказалася на месцы).
Стала вядома, што да заснавальніка «Сильных новостей» Пятра Кузьняцова таксама прыйшлі органы.
Таксама ў Гомелі затрыманая пенсіянерка Ала Караленка, раней яе некалькі разоў арыштоўвалі «за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах».
Ва ўсіх журналістаў гомельскага сайта «Сильные новости» падчас ператрусаў канфіскавана тэхніка, самі супрацоўнікі на волі.
Як паведамляе БАЖ, за апошнія два дні праведзена не менш за 29 вобшукаў у журналістаў і ў рэдакцыях СМІ. Сем прадстаўнікоў СМІ затрыманыя. У няволі знаходзяцца 32 журналісты.
* * *
КДБ заявіў, што ў Беларусі цяпер адбываецца „шырокамасштабная аперацыя па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў”. Па ўсёй краіне ў чацвер былі затрыманыя дзясяткі людзей, ператрусы прайшлі ў некалькіх рэдакцый незалежных СМІ. Сёння пераслед працягваецца, паведамляе ПЦ „Вясна”.
У Глыбокім сілавікі прыйшлі да журналісткі Таццяны Смоткінай. У Берасьці ператрус адбыўся ў журналіста Максіма Хлябца. Ён прайшоў у рамках крымінальнай справы аб тэрарызме. У журналіста Максіма Хлябца пасля ператрусу забралі ноўтбук і тэлефоны. Хлябец праходзіць па справе як сведка. Ён на волі.
Таксама сілавікі прыйшлі да адміністратара партала „Віртуальны Брэст” Андрэя Кухарчыка, праходзіць ператрус. Як піша @mediapolesye, ператрусы ў Лунінцы і Пінску праводзілі следчыя групы КДБ у межах крымінальнай справы «Акт тэрарызму». Тым часам, у Менску затрымалі лекарку-артадонта Анастасію Радзічаву. Абставіны затрымання пакуль невядомыя. Цяпер яна знаходзіцца ў Партызанскім РУУС. З ператрусам прыйшлі да журналісткі партала „Онлайнер” Настассі Зянько. Таксама ў Менску на „размову” супрацоўнікі КДБ забралі Аляксандра Гардзеева. Пасля размовы яго адпусцілі. Мінулым вечарам у сталіцы затрымалі адміністратара фэйсбук-суполкі „Письма солидарности” Сяргея Барысава. Вядома, што ён праходзіць па артыкуле 289 (акт тэрарызму).
Беларускае Радыё Рацыя