Паасобны збор бытавога смецця: за і супраць



Берасцейскі аблвыканкам прапанаваў новую сістэму паасобнага збору бытавога смецця. Прапанавана да 1 студзеня 2016 года ліквідаваць у шматпавярховіках смеццеводы, а замест іх зрабіць у дварах пляцоўкі з адмысловымі кантэйнерамі.

З гэтай нагоды ў Пінску камунальнікі правялі апытанку сярод гараджан. З амаль 10 тысяч пінчан, толькі каля 1 тысячы прывіталі ініцыятыву аблвыканкама. Гэтаму ёсць простае тлумачэнне, адзначае супрацоўнік гарадскога жыллёва-рамонтнага эксплуатацыйнага ўпраўлення (ЖРЭУ) Сяргей Кухарчук:

– Людзі прызвычаіліся, гэта зручна, тым больш, што не трэба спускацца са смеццем, асабліва, калі дом шматпавярховы. Смеццеводы ўтрымліваюць адмысловыя рабочыя, зразумела, што іх скароцяць, а гэта ўжо эканомія бюджэта.

Пакуль ліквідаваць смеццевод у шматпавярховым доме могуць толькі пры згодзе жыльцоў. Берасцейскія абласныя ўлады абгрунтоўваюць сваю прапанову тым, што гэта палепшыць экалагічна-санітарны стан, скароціць бюджэт ды падвысіць аб’ём перапрацоўкі другаснай сыравіны.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота n1.by